І. ЭТАПЫ СТАНАЎЛЕННЯ АДУКАЦЫІ Ў ТРАБАХ
1.1. СТАНАЎЛЕННЕ АДУКАЦЫІ Ў ЧАСЫ ВКЛ
У развіцці адукацыі на землях Беларусі, і ў прыватнасці ў Трабах можна вылучыць некалькі асноўных этапаў.
Першы этап ахоплівае перыяд ХVI ст.Статут віленскага біскупства, прыняты на сінодзе 1526 г., прадугледжваў арганізаванне школ ва ўсіх парафіяльных касцёлах. У межах ВКЛ сярэдзіны ХVI ст. іх налічвалася 259. Менавіта тады Альбрэхтам Гаштольдам быў у 1534 годзе пабудаваны Трабскі Рымска-каталіцкі касцёл, як сведчаць аб тым старажытныя візітыўныя акты. У двары была адкрыта прыватная свецкая школа. Школы ў ХVІ ст. паўставалі пры каталіцкіх катэдрах і парафіях. Адчыняла іх духавенства, магнаты, шляхта і мяшчане. Каталіцкая школа была адкрыта з мецэнацтва Альбрэхта Гаштольда і ў Трабах. Была яна адзіная на ўвесь Ашмянскі павет. У гэтай школе, апрача духоўных навук і Евангелля, вывучалі творы Цыцэрона, Вергілія, Эзопа, Сэнэкі і другіх класічных паэтаў і пісьменнікаў, а таксама беларускую грамату і мову, якая была тады ва ўсімнашым краі ўрадавай мовай. Больш звестак пра гэты перыяд знайсці не ўдалося.
1.2. СТАНАЎЛЕННЕ АДУКАЦЫІ Ў ЧАСЫ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ
Другі этап пачынаецца з канца 18 ст. Пасля паражэння паўстання 1830-1831 гг. па ініцыятыве царскага ўрада пачаўся актыўны працэс русіфікацыі ў сферы адукацыі. Многія мясцовыя настаўнікі высылаліся з Беларусі. Узмацніўся кантроль над адукацыяй з боку праваслаўнай царквы. А пасля паўстання 1863-1864 гг. узмацнілася русіфікацыя школ; адбываліся масавыя звальненні са школ настаўнікаў каталіцкай веры.
Рэформы адукацыі закранулі і Трабы. У архівах касцёла захавалася настаўленне для кіравання сельскімі прыходскімі вучылішчамі ў пасяленнях дзяржаўных сялян ад 1842 года, а Трабы з’яўляліся дзяржаўным мястэчкам, то верагодна і сельскае прыходскае вучылішча ў Трабах было адкрыта ў 1842 годзе.
З 1847 года староства Трабскае пераходзіць у дзяржаўнае карыстанне і ўжо з ХІХ—пачатку XX ст. Трабы набываюць статус мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У <st1:metricconverter productid="1851 г" w:st="on">1851 г</st1:metricconverter>. у Трабах заснавана народнае вучылішча (верагодна ператворана з сельскага прыходскага).
Вядома, што ў 1857 годзе ў Трабах працаваў адзін настаўнік, вучылася 45 вучняў, меліся 57 падручнікаў і 15 пропісаў.Настаўнікам Трабскага народнага вучылішча ў 1887 годзе быў настаўнік К.Маеўскі, аб чым захаваўся запіс у звароце настаўніка Маеўскага да святара П.Сухоцкага, з просьбай выдаць спраўкі аб нараджэнні і хрышчэнні сялян мястэчка Трабы для выдчы пасведчання на заканчэнне народнага вучылішча.
У 1890г. народнае вучылiшча па рашэнню валасной управы ператворана ў школу. Першым настаўнікам быў Рудзевіч. Гэта была трохкласная школа з лікам вучняў 45 чалавек, адзіная ва ўсёй воласці. Ветхасць памяшкання школы прымусіла валасное упраўленне ў 1894 годзе пабудаваць новую школу. Гэта новая школа складалася з аднаго класнага пакоя, настаўніцкай і кватэры настаўніка.
У 1894 годзе у Трабы прыехаў новы настаўнік Іванкевіч Міхаіл Данілавіч, які працаваў да пачатку Першай сусветнай вайны.
У Трабах дзейнічала Таварыства беларускай школы (ТБШ), якое адыгравала вялікую ролю ў нацыянальна-дэмакратычным руху. Зрэдку ў выхадныя дні ў школе збіраліся бацькі і вучні на нядзельныя чытанні, якія суправаджаліся чароўным Ліхтаром. Ва ўездзе існавала таварыства цвярозасці, па лініі якога на нядзельныя чытанні ў школу накіроўвалі чароўны ліхтар і бібліятэчку да яго. У гэтым і заключалася ўся культурная работа школы і мястэчка. Уся астатняя работа вялася царквою і касцёлам.
У 1912 годзе школа была пераарганізаваная ў двухклассную: тры аддзяленні першага класса і два аддзяленні другога класса. Тут ужо плацілі настаўніку 25 рублёў у месяц, а на аплату працы вартаўніка, нарыхтоўку дроў, арэнду памяшкання, асвячэнне дадаткова выдзялялася яшчэ 300 рублёў у год.
У другім классе заканчвалася вывучэнне матэматыкі па Малініну-Бурэніну, геаметрыі (плошча круга, аб’ём шара). Фізіку і хімію ў школе не вывучалі. Язык вывучаўся толькі рускі. Прыборамі і вучэбнымі дапаможнікамі ў школе былі: аршын, сажань, метр, геаграфічная карта (мелавая навука). Заняткі пачыналіся ў 8 гадзін раніцы 1 кастрычніка і заканчваліся 15 мая.
Вучоба ў школе заканчвалася выпускнымі экзаменамі. Абавязковага навучання не было. Вучыўся толькі той, хто мог добра вучыцца. За паспяховасць вучняў настаўнік не адказваў, Але нёс сур’ёзную адказнасць за граматнасць вучня. За адсеў вучняў са школы не адказваў ніхто, таму навучанне насельніцтва ішло стыхійна. Прыслаў бацька вучыцца, і настаўнік вучыць, не прыйшоў – няма вучобы.
1.3. СТАНАЎЛЕННЕ АДУКАЦЫІ Ў ЧАСЫ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ
Трэці этап развіцця адукацыі ў Трабах звязаны з Рыжскім мірным дагаворам ад 18 сакавіка <st1:metricconverter productid="1921 г" w:st="on">1921 г</st1:metricconverter>. паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Паводле яго, заходняя частка Беларусі, а значыць і мястэчка Трабы зноў апынуліся ў складзе Польшчы.
Адбывалася паступовае развіццё пачатковай адукацыі. Аднак разам з тым, усеагульнае пачатковае навучанне не было рэалізавана: каля 13% дзяцей школьнага ўзросту не вучылася ў школе. Важным накірункам адукацыйнай палітыкі польскіх уладаў з’яўлялася паланізацыя школы.
У 1922г. школа ў Трабах аднавіла сваю дзейнасць, як польская школа.
З 1929г. — сямiгодка з польскай мовай выкладання, але як прадмет выкладання была i беларуская мова. Выкладчыкам беларускай мовы быў Дабраловiч Сямён Фамiч (з в. Альтарыя). Навучанне ў пачатковай школе было абавязковым. Калі вучань без уважлівай прычыны не наведваў школу, бацькі павінны былі плаціць штраф. У першы класс дзеці ішлі з 9 год. Школа не змяшчала ўсіх вучняў, а таму спярша заняткі праводзіліся ў некалькіх жылых дамах. Настаўнікі прыходзілі толькі на ўрокі. Узнікла неабходнасць дабудавання да школы прыбудовы. Але ўсё роўна заняткі вяліся ў дзве змены. У школе вывучалі матэматыку, геаметрыю, фізіку, нямецкі язык, польскі язык, беларускую мову. Усе прадметы ў школе выкладаліся на польскай мове. Падручнікаў не хапала. Кнігі былі толькі ў багатых, беднякі вымушаныя былі перапісваць падручнікі ад рукі. У першых классах пісалі алоўкам, а пасля пяром. Кожны дзень заняткі распачыналіся супольнай малітвай. Вучні ўсіх класаў строіліся на калідоры дзе вісеў вялікі крыж і гаварылі малітвы каталіцкага веравызнання і падзяку Богу за магчымасць навучання.У классах разам займаліся дзеці незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. Навучанне вялося вельмі строга, да настаўніка звярталіся толькі «Пан настаўнік», або «Пані». За правіннасць дзяцей білі. Каралі звычайна «лапай». Гэта значыць, што білі моцна лінейкай па руцэ. Са слоў старажылаў, рука была некалькі дзён апухшы і вучань навогул не мог пісаць. Але дзеля гэтага прапускаць заняткі не меў права. Для дзяцей з малазабяспечаных сямей у школе давалі абед. У школе некалькі заняткаў адводзілася на вывучэнне рэлігіі. І тады ў школу прыходзілі святары. Прыходзілі не толькі Ксёндз, але і Бацюшка, і Равін. Асобныя ж нядзельныя школы існавалі яшчэ і пры касцёле і пры царкве. Пасля заканчэння сямігодкі вучні маглі паступаць у гімназіі. Але ў гімназіі прымалі толькі моладзь каталіцкага веравызнання. А таму некаторыя выпускнікі школы прымалі каталіцкую веру толькі для таго, кааб прадоўжыць навучанне. Да 1939 года дырэктарам школы быў Заро.
Уяўленне аб узроўні адукацыі ў даваенны час у Трабах будзе няпоўным без уліку яўрэйскіай рэлігійнай школы-хедэры. У пачатку 20 ст. амаль 50% насельніцтва Трабаў складалі яўрэі.
Дзейнасць хедэры немагчыма ацаніць адназначна. З аднаго боку, яны ўносілі ў яўрэйскае асяроддзе пісьменнасць, прывівалі любоў да рэлігійных і нацыянальных традыцый, а з другога – нельга не заўважыць аднабаковасць гэтай асветы (адсутнасць свецкіх прадметаў) і невысокі ўзровень адукацыі настаўнікаў. Традыцыйная сістэма адукацыі ў яўрэяў мела на мэце забеспячэнне ўсеагульнай пачатковай адукацыі хлопчыкаў і працяг далейшай вучобы ў вышэйшых установах для найбольш здольных з іх.
Пачатковую адукацыю можна было атрымаць у прыватных настаўнікаў-меламедаў. Хедэры існавалі ў любым, нават дробным і буйным мястэчку, дзе жылі яўрэі. Па традыцыі ўсе без выключэння яўрэйскія хлопчыкі ад 4 да 13 гадоў вучыліся ў хедэрах. За навучанне бацькі плацілі меламеду ўстаноўленую суму, за бедных плаціў кагал. Таму ў яўрэйскіх абшчынах фактычна адсутнічалі непісьменныя людзі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны школа ў Трабах не працавала. Літаральна ў першыя дні вайны прыбудова школы была разрушана пад час бамбёжкі. У самім будынку школы жылі бежанцы са Смаленшчыны.
1.4. СТАНАЎЛЕННЕ АДУКАЦЫІ Ў САВЕЦКАЙ БЕЛАРУСІ
Чацвёрты этап развіцця адукацыі ў Трабах распачынаецца ў другой палове 1950-х гадоў.У галіне агульнаадукацыйнай школы была праведзена рэформа, у адпаведнасці з якой базавыя сямігадовыя школы пераўтвараліся ў васьмігадовыя, а сярэднія – у адзінаццацігадовыя (з <st1:metricconverter productid="1964 г" w:st="on">1964 г</st1:metricconverter>. дзесяцігадовыя) з вытворчым навучаннем. Базавая агульная адукацыя з’яўлялася абавязковай. Масавы характар стала набываць атрыманне сярэдняй адукацыі.
У Трабах сваю дзейнасць школа аднавіла пасля вызвалення мястэчка ад фашысцкіх захопнікаў. Была пабудавана новая прыбудова да школы. Пачынаючы з верасня 1944 года Трабская школа працуе, як беларускамоўная Савецкая школа па праграме сямiгодкi. 3 1948 год – васьмігодка.З 1950 года - сярэдняя школа.
У 1953 годзе адбыўся першы выпуск Трабскай сярэдняй школы. Са сцен школы выйшла 15 выпускнiкоў.
Колькасць вучняў у школе расла з кожным годам. Нават заняткі ў дзве змены не маглі выратаваць сітуацыю. Узнікла неабходнасць у пабудаванні новай сучаснай школы. У 1963 годзе было распачата будаўніцтва новай двухпавярховай школы. А ў 1964 годзе школа гасцінна расчыніла свае дзверы для навучэнцаў. На адкрыцці школы прысутнічаў першы настаўнік Іванкевіч Міхаіл Данілавіч. У 1968 годзе ў школе быў створаны духавы аркестр, яго стварыла i кiравала настаўнiца матэматыкi Мiглiцкая Людмiла Iльінiчна.
1.5. СТАНАЎЛЕННЕ АДУКАЦЫІ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ
Пяты этап станаўлення адукацыі ў Трабах адбываецца пасля набыцця дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.Пачынаецца працэс станаўлення самастойнай сістэмы адукацыі, навукі, культуры..
3 мэтай стварэння спрыяльных умоў для далейшага развіцця адукацыі ў <st1:metricconverter productid="1991 г" w:st="on">1991 г</st1:metricconverter>. быў прыняты Закон аб адукацыі. 3 <st1:metricconverter productid="1998 г" w:st="on">1998 г</st1:metricconverter>. пачалася рэформа агульнаадукацыйных школ. З 2011 года школа працуе ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Трабская сярэдняя школа крочыць у нагу з усёй краінай. Ў 2005-2008 годзе на базе школы быў рэалізаваны сацыяльна-педагагічны праект “Этнашкола “Панямонне”, адкрыты клас з фальклорна – тэатральным накірункам. Створаны і працуе школьны гістарычны музей “Скарбніца роднага краю”.
Гісторыя школы не заканчваецца… Яна доўжыцца ў кожным са сваіх вучняў і настаўнікаў.